Андрэй Ягоравіч Макаёнак – вядомы беларускі савецкі драматург, празаік і сцэнарыст, народны пісьменнік Беларусі, майстар сатырычнай камедыі і трагікамедыі.
Нарадзіўся 12 лістапада 1920 г. у вёсцы Борхаў Рагачоўскага раёна.
Творчую дзейнасць пачаў напрыканцы 1940-ых (п’еса “Добра, калі добра канчаецца”). Друкуецца з 1946 г., выкарыстоўвае псеўданімы: А.Жур, А.Журавіцкі, А.Малаказдатчык.
У 1952 г. на сцэне Беларускага тэатра імя Янкі Купалы была пастаўлена палітычная драма “На досвітку”.
Сатырычная камедыя “Выбачайце, калі ласка” (1954) – першая п’еса, якая прынесла Макаёнку славу не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі.
Аўтар сатырычных камедый “Каб людзі не журыліся”, “Лявоніха на арбіце”, “Таблетку пад язык”, трагікамедый “Трыбунал”, “Зацюканы апостал”, “Пагарэльцы”, “Дыхайце эканомна”, кінааповесці “Твой хлеб”, сцэнарыяў фільмаў “Шчасце трэба берагчы”, “Кандрат Крапіва”, “Рагаты бастыён”, тэлефільма “Пасля кірмашу”.
Пераклаў п’есы “Дабракі” Леаніда Зорына, “Я, бабуся, Іліко і Іларыён” Надара Думбадзэ і Рыгора Лордкіпанідзэ, “Чацвёрты” Канстанціна Сіманава і інш.
Чатыры гады загадваў аддзелам прозы ў часопісе “Вожык”, 12 гадоў (1966–1978) быў галоўным рэдактарам часопіса “Нёман”.
Аўтар кінааповесці «Твой хлеб» (1956), сцэнарыяў фільмаў «Шчасце трэба берагчы» (1958), «Кандрат Крапіва» (1961), «Рагаты бастыён» (1975), тэлефільма «Пасля кірмашу» (1973).
За п’есы “Трыбунал” і “Таблетку пад язык” ў 1974 годзе быў удастоены Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа. Таксама быў узнагароджаны іншымі ордэнамі і медалямі. У 1977 годзе яму было нададзена званне народнага пісьменніка Беларусі.
Апошні закончаны твор Андрэя Макаёнка — трагікамедыя «Дыхайце эканомна» (апублікавана ў 1983) — п’еса-прытча, у якой аб’ектам аўтарскага асэнсавання стала найважнейшая агульначалавечая праблема захавання Зямлі ад тэрмаядзернай катастрофы.
16 лістапада 1982 года ў росквіце творчых сіл А. Макаёнак памёр, быў пахаваны на Усходніх могілках у Мінску. Яго імя прысвоена Гродзенскай гарадской цэнтральнай бібліятэцы і Журавіцкай сярэдняй школе, вуліцы ў Мінску, на якой жыў драматург.
