Галоўнае правіла, якім закліканы карыстацца пісьменнік, –
не ўтойваць ад чытача нічога, пастарацца ўсё,
што ён, пісьменнік, ведае аб жыцці, аддаць людзям.
У гэтым гуманны сэнс літаратуры,
у гэтым гуманная сутнасць творчасці.
І.Г. Чыгрынаў
Юбілейная выстава твораў «Вернасць жыццёвай праўдзе”, прысвечаная 90-годдзю з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі, перакладчыка, публіцыста Івана Гаўрылавіча Чыгрынава (1934-1996), праходзіць з 16 па 23 снежня ў бібліятэцы каледжа.
Іван Гаўрылавіч – пісьменнік са сваім непаўторным бачаннем свету, таленавіты, самабытны мастак слова. Ён добра ведаў жыццё і ўмеў заўважыць і адлюстраваць усё найбольш значнае і цікавае. Многія апавяданні напісаны аўтарам на аснове пачутага, убачанага, асабіста перажытага. У іх увасобіліся ўражанні дзяцінства, абпаленага вайной.
На выставе прадстаўлены эпічныя раманы І.Чыгрынава пра Вялікую Айчынную вайну: «Плач перапёлкі» (1970), «Абнаўленне крыві» (1976), «Свае і чужынцы» (1983), «Вяртанне да вайны» (1992), «Не ўсе мы згінем» (1996); сабраны аўтарскія кнігі апавяданняў і аповесцяў, а таксама зборнікі твораў юбіляра.
Іван Гаўрылавіч Чыгрынаў праявіў сябе і як таленавіты перакладчык «Слова пра паход Ігараў» (1991). Дзякуючы яму на беларускай мове загучалі апавяданні В. Бялова, Е. Еўтушэнка; п’еса Максіма Горкага «На дне» і інш.
Чытачы бібліятэкі ахвотна знаёмяцца з матэрыяламі пра жыццё і творчасць народнага пісьменніка, прымаюць удзел у віктарыне «Ці ведаеш ты?».